Беларускія ўікэнды: Маленькі Прынц
Мультфільм «Маленькі прынц» на беларускай мове пакажуць у Гродна
Праект «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom пачынае вандроўку па рэгіёнах краіны з мультфільмам «Маленькі прынц». Першым пунктам прызначэння стане Гродна, дзе 28-30 ліпеня адбудуцца паказы стужкі.
Французскі мультфільм па матывах рамана Антуана дэ Сэнт-Экзюперы з аншлагам прайшоў у Мінску. За 4 дні беларускамоўную версію кінакарціны прыйшло паглядзець больш за 2,5 тысяч чалавек. Мультфільм распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе незвычайнага сяброўства са старым лётчыкам з аповесці-казкі «Маленькі Прынц».
Анімацыйны фільм будзе цікава глядзець як тым, хто чытаў твор Экзюперы, так і тым, хто яшчэ з ім не знаёмы. Перапляценне двух самастойных сюжэтаў мультфільма і кнігі ператвараецца ў цікавую і захапляльную гісторыю.
«Мы вельмі рады, што праект выходзіць за межы Мінска і кіно ў прафесійнай беларускай агучцы на вялікім экране змогуць убачыць жыхары іншых гарадоў Беларусі. Да канца лета мы плануем пабываць у трох абласных цэнтрах. У кожным з іх адбудзецца па 2-3 паказы і прэзентацыя кнігі «Маленькі прынц» на беларускай мове», — распавёў кіраўнік праекта «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.
Спецыяльна да дня нараджэння Антуана дэ Сэнт-Экзюперы арганізатары праекта «Беларускія ўікэнды» сумесна з кампаніяй velcom перавыдалі кнігу «Маленькі прынц» у перакладзе Ніны Мацяш. Набыць кнігу з арыгінальнымі ілюстрацыямі аўтара можна будзе на кінасеансах. Акрамя таго, значная частка тыражу будзе перададзена ў бібліятэкі школ.
«Маленькі прынц» – адзін з найвялікшых твораў усіх часоў, а па колькасці перакладаў ён займае 3 месца пасля Бібліі і Карана. Дзякуючы ініцыятыве velcom у беларускіх школьнікаў з’явілася магчымасць пазнаёміцца з кнігай Экзюперы на роднай мове. Велізарны ажыятаж вакол праекта сведчыць аб тым, што беларусам не хапае магчымасці паглядзець у кінатэатры добры фільм ці пачытаць любімую кнігу на беларускай мове», — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў.
Перавыданне кнігі «Маленькі прынц» з’яўляецца працягам шэрагу ініцыятыў velcom і «Атлант Тэлекам» па падтрымцы беларускай мовы. У 2017 годзе кампаніі сталі партнёрамі праекта «Беларускія ўікэнды», мэтай якога з’яўляецца пераклад і агучванне сусветна вядомых кінафільмаў на беларускую мову. У рамках супрацоўніцтва ўжо адбыліся паказы мультфільмаў «Таямніца Келза» і «Маленькі прынц», а таксама фільмаў «Кніга Iлая» і «Пакуль ногі носяць». Іх персанажы размаўляюць галасамі вядомых беларускіх акцёраў: Ганны Хітрык, Святланы Цімохінай, Паўла Харанчука, Сяргея Жбанкова і іншых.