Казка Дзеда Мароза
Дзед Мароз запрашае дзетак на госці, каб паразмаўляць пра любімыя казкі. Потым зазірае ў адну з іх, каб наладзіць там сапраўднае свята. Праўда, не ўсе героі вядомай гісторыі збіраюцца мірна радавацца надыходу Новага года. Так што без непаразуменняў і прыгод не абыдзецца. Што, вядома ж, не перашкодзіць Дзеду Марозу, яго сябрам і ўсёй глядзельнай зале як след павесяліцца.
А ў фае тэатра да гледачоў далучацца насельнікі чароўнага дома, дзе жывуць лялькі. Тут ужо з усіх куточкаў, куфэркаў і пакункаў на дзяўчынак і хлопчыкаў шчодра пасыплюцца гульні, песні, танцы, жарты і сюрпрызы.
Ну а самых ахвочых Дзед Мароз і Снягурка запросяць у сваю рэзідэнцыю, дзе з задавальненнем паслухаюць цікавыя вершы, узнагародзяць за добрыя паводзіны і пажадаюць шчасця ў новым годзе.