Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
+375 (29) 154-04-44
Тэатр-лабараторыя беларускай драматургіі быў створаны ў 1990 годзе з мэтай аказання практычнай дапамогі беларускім драматургам-пачаткоўцам у спасціжэнні законаў сцэны.
Тэатр, апраўдваючы сваё прызначэнне, вядзе індывідуальную работу з драматургамі, рэпетыцыі, акцёрска-сцэнічныя чытанні п’ес па ролях, семінары з прыцягненнем рэжысёраў і іншых спецыялістаў тэатра, садзейнічае прафесійнаму станаўленню маладых аўтараў, ажыццяўляе пастаноўку нацыянальнай драматургіі. Разам з п’есамі маладых аўтараў тэатр таксама ставіць творы сусветнай класікі на беларускай мове. Замежная драматургія ў гэтым тэатры – не парадокс, а ўсвядомленая неабходнасць прафесійнай вучобы артыстаў, знаёмства гледача з найлепшымі ўзорамі сусветнага рэпертуару ў перакладзе на родную мову. Тэатр пастаянна праводзіць палітыку актыўнага абнаўлення рэпертуарнай афішы.
З сакавіка 2007 года пры тэатры пачаў дзейнічаць Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры, які арганізуе стажыроўкі, майстар-класы, семінары, цыклы іншых мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне практычнай і метадычнай дапамогі пачынаючым творцам тэатра.
За гады існавання РТБД стаў неад’емнай часткай тэатральнай культуры Беларусі, таму што пастаянна развіваецца і старанна выхоўвае свайго гледача. Прапануем Вам разам з намі ўвайсці ў новы этап развіцця, пабачыўшы разнастайны рэпертуар тэатра на ўласныя вочы.
На сёння дырэктарам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з’яўляецца Карачэўскі Уладзімір Міхайлавіч.